Касмічныя праграмы нагадваюць нам першыя тэлевізійныя навіны 1960-х гадоў пра першыя касмічныя місіі. Сучасная касмічная праграма можа выглядаць інакш: гэта можа быць міжнародная група, арганізаваная з дапамогай лічбавых тэхналогій, такая як Space Cooperative. Гэта група таленавітых людзей з Каліфорніі, якіх аб'ядноўваюць веды і цікавасць да космасу.
Ялда Мусавінія — адна з сузаснавальніц Space Cooperative. Яна апісвае групу як ініцыятара, які аб'ядноўвае патрэбных людзей і веды. Хоць кааператыў засяроджаны на космасе, яго праца можа быць карыснай дзе заўгодна.
«Мы лічым, што космас уключае і Зямлю. Многія распрацаваныя намі прынцыпы кіравання дастасавальныя не толькі да космасу: любому маштабнаму праекту, напрыклад горадабудаўніцтву, могуць спатрэбіцца падобныя рэсурсы і навыкі», — тлумачыць Ялда.
Кампанія зарадзілася ў 2016 годзе, калі некаторыя сузаснавальнікі сустрэліся на хакатоне, арганізаваным NASA. Сёння ў Space Cooperative 13 удзельнікаў з розным прафесійным досведам: ад інжынерыі і пісьменства да архітэктуры і распрацоўкі праграмнага забеспячэння.
Касмічная праграма фарміруецца праект за праектам
Праз год пасля запуску Space Cooperative пачаў набываць вядомасць у касмічнай галіне. Адна з галоўных мэт — аб'яднаць меншыя арганізацыі галіны, каб сумясціць іх навыкі і рэсурсы. Дзеля гэтага Space Cooperative стварыў сетку супрацоўніцтва The Space Decentral Network, якая аб'ядноўвае карпарацыі і кааператывы з падобнымі поглядамі.
Сам Space Cooperative выступае каталізатарам многіх праектаў. Праз абмежаваныя рэсурсы і астранамічны маштаб задач кааператыў не можа самастойна засяродзіцца на ўсіх сваіх ідэях. Замест гэтага ён выбірае адзін ці два прыярытэтныя праекты за раз і стварае шаблон для астатніх, каб дапамагчы людзям браць на сябе кіраўніцтва і паступова шукаць рашэнні.
«Адзін з нашых галоўных праектаў цяпер называецца Solar Regatta. Ён даследуе тэхналогіі вывучэння астэроідаў і здабычы на іх карысных выкапняў. Праект прапанавалі нам на канферэнцыі ў Кітаі, і ён выклікаў значную цікавасць у партнёраў і ўдзельнікаў супрацоўніцтва», — расказвае Ялда.
Loomio як інструмент і прыклад кааператыва
Space Cooperative зарэгістраваны ў Каліфорніі, але яго ўдзельнікі працуюць як цалкам лічбавая каманда з розных гарадоў і краін. Таму практычна ўся праца вядзецца анлайн з дапамогай некалькіх праграм.
Адна з асноўных платформ, якія звязваюць удзельнікаў кааператыва, — Loomio. Тут яны, апроч іншага, абмяркоўваюць партнёрствы, прымаюць рашэнні аб фінансаванні і працуюць з дакументамі.
«Я не магу ўявіць эфектыўную працу віртуальнай размеркаванай арганізацыі без Loomio. З таго часу, як мы пачалі ім карыстацца, у нас стала менш зносін у Slack і электроннай пошце і больш абмеркаванняў, якія вядуць да дзеянняў», — кажа Ялда.
Я не магу ўявіць эфектыўную працу віртуальнай размеркаванай арганізацыі без Loomio. З таго часу, як мы пачалі ім карыстацца, у нас стала менш зносін у Slack і электроннай пошце і больш абмеркаванняў, якія вядуць да дзеянняў.
Акрамя функцый інструмента, Loomio натхніў групу на краўдсорсінг і стварэнне кааператыўнай культуры.
«Мы бяром шмат кааператыўных прынцыпаў і прымяняем іх да нашага бачання супрацоўніцтва з супольнасцю. Я шмат даведалася пра кіраванне з кааператыўнага дапаможніка Loomio і нават паразмаўляла з Рычам [адным з сузаснавальнікаў Loomio], каб атрымаць асабістую параду».
Ялда апісвае канчатковую доўгатэрміновую мэту як стварэнне сеткі кааператываў і кампаній, якія прадстаўляюць розныя ідэі і разам працуюць над дэцэнтралізаванай касмічнай праграмай. Магчыма, да гэтай мэты так жа далёка, як да зорак, але менавіта дзеля гэтага створаны Space Cooperative.